ГАЗАНАПАЎНЯ́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ

(ГНС),

прызначана для прыёму, захоўвання і пастаўкі спажыўцам звадкаванага газу (ЗГ). Газ захоўваецца ў наземных, падземных і ізатэрмічных рэзервуарах, балонах. Яго разліваюць у балоны і аўтацыстэрны і дастаўляюць спажыўцам, часам запраўляюць аўтамабілі, якія працуюць на ЗГ.

На ГНС робяцца таксама рэгазіфікацыя газу, змешванне пары ЗГ з паветрам або нізкакаларыйнымі газамі і падача сумесі ў гар. размеркавальныя сістэмы. ГНС мае зліўную эстакаду (ад чыг. веткі), базу захоўвання ЗГ (агульная ўмяшчальнасць рэзервуараў да 8000 м³), помпава-кампрэсарны цэх для зліву газу з чыг. цыстэрнаў і падачы яго ў цэх для разліву, камунікацыі вадкай і паравой фаз і інш. ГНС будуюць за межамі горада з падветранага боку пануючых вятроў.

В.В.Арціховіч, В.М.Капко.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)